Пятрэнка Мікалай Макаравіч
(1919-1997)
Нарадзіўся Мікалай Макаравіч Пятрэнка ў в. Барбароў на Гомельшчыне ў сям'і рыбака. Скончыўшы ў 1932 г. Юравіцкую 7-гадовую школу, паступіў у 1936 г. на Мазырскі педрабфак, а пасля - у Мінскі педінстытут імя М.Горкага. Быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі, у складзе якой у 1940 г. прыняў удзел у паходзе ў Прыбалтыку. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны быў цяжка паранены і трапіў у палон. З 1941 па 1945 г. быў вязнем нямецкіх канцлагераў. Пасля вызвалення працягваў ваенную службу. Па стану здароўя быў дэмабілізаваны. Са студзеня 1946 г. працаваў на розных кіруючых пасадах ў сістэме адукацыі на Гомельшчыне і Віцебшчыне. З 1960 г. — выкладчык беларускай мовы і літаратуры Полацкага педвучылішча, у 1967-1972 гг. — намеснік дырэктара ў гэтай навучальнай установе. У 1966 г. атрымаў званне "Заслужаны настаўнік БССР". Аўтар некалькіх метадычных матэрыялаў і падручнікаў. Самадзейны кампазітар, аўтар больш 250 песень, з 1980 г. кіраваў клубам самадзейных кампазітараў у Полацку. Лаўрэат конкурсаў самадзейных кампазітараў. М.М. Пятрэнка ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені, шматлікімі медалямі, а таксама Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР. У 1995 г. прысвоена званне Ганаровага грамадзяніна г. Полацка.

© All Right Reserved.
This site was made on Tilda — a website builder that helps to create a website without any code
Create a website